ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),

арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.

Л.І.Шмыгава.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)